Ich bin ein Berliner

Ich bin ein Berliner ([ˈʔɪç ˈbɪn ʔaɪn bɛɐˈliːnɐ], бел.: Я — берлінец) — прамова, якую зрабіў Д. Ф. Кенедзі 26 чэрвеня 1963 г. ў Заходнім Берліне падчас процістаяння паміж камуністычным і паўночнаатлантычным блокамі краін, пасля таго, як была пабудавана Берлінская сцяна. Асноўная мэта выступлення прэзідэнта ЗША — падбадзёрыць жыхароў Заходняга Берліна, заверыць іх у гатоўнасці Злучаных Штатаў змагацца за свабоду берлінцаў, якія апынуліся ў сваеасаблівай аблозе, і за суверэнітэт Федэратыўнай рэспублікі Германія. Таксама Кенедзі асудзіў спробы камуністычнай улады ГДР і СССР не дазволіць сваім грамадзянам бегчы на Захад і ўтрымаць іх з дапамогай Берлінскай сцяны. Але ніякіх новых канцэптуальных ідэй прэзідэнт ЗША ў гэтай прамове не выказаў.

Гэта прамова найбольш вядомая дзякуючы фразе «Ich bin ein Berliner», якую Кенедзі сказаў двойчы. Распаўсюджаная думка, што фраза «Ich bin ein Berliner» выклікала смешачкі і была ўспрынята немцамі як «я булачка з джэмам», не мае пад сабой падставы, бо на нямецкай мове гэта можа азначаць «я адзін з жыхароў Берліна»[1]. Насамрэч гэтая фраза спарадзіла апладысменты і авацыі, што кожны можа праверыць, праслухаўшы аўдыёзапіс прамовы ў інтэрнэце[2].

  1. “JFK: Ich bin ein Berliner (I am a jelly doughnut)” by David Emer, About.com Giude(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 мая 2013. Праверана 8 ліпеня 2013.
  2. Аўдыёзапіс прамовы Кенедзі

© MMXXIII Rich X Search. We shall prevail. All rights reserved. Rich X Search